Сябры, хачу падзяліцца тым, што адбываецца зараз у нашых сценах. У «Бабруйскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі імя В.О. Марзона» ініцыятыва «Кожная пятніца — роднае, сваё!» жыве і сагравае сэрца!
Мы не проста апранаем беларускае і гатуем з мясцовых прадуктаў. Мы ствараем атмасферу. І гэта, аказваецца, самае каштоўнае.
У некаторых аддзяленнях ужо з’явіліся невялікія фотазоны ў нацыянальным стылі: хтосьці прынёс ручнік з вышыванкай, хтосьці — васількі, а дзесьці нават асцярожна «прыляцеў» і буслік. І ведаеце, што адбываецца, калі калегі ці пацыенты праходзяць міма?
Яны спыняюцца. Усміхаюцца. І пачынаюць вітацца па-беларуску!
«Дзень добры!» — гучыць у калідоры, і нават у самы напружаны дзень на тварах з’яўляецца святло. Бо беларусы — народ шчыры, гасцінны і вельмі душэўны. І калі бачыш нешта сапраўды сваё, роднае, неяк само сабой робіцца цёпла на сэрцы.
Нашы пацыенты ўдзячны за такую ўвагу. Для іх гэта маленькая радасць сярод бальнічных будняў. А для нас — напамін пра тое, што беларускае — гэта прыгожа, мірна і па-хатняму ўтульна.
Дарагія калегі з іншых устаноў! Далучайцеся да праекта! Няхай і ў вас кожная пятніца будзе не проста днём тыдня, а сапраўдным святам роднай культуры. Паверце, эмоцыі тых, хто побач, — бясцэнныя.
Дзяліцеся сваімі ўсмешкамі
з хэштэгамі #ДзеньРоднагаСвайго і #КожнаяПятніцаРоднаеСваё.
Няхай пра гэта даведаецца ўся краіна!
З цеплынёй, Ваш прафсаюз




